МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),

клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.

Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл. Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.

Марскія зоркі: 1 — афідыястэр; 2 — лінкія; 3 — саластэр; 4 — протарэастэр; 5 — арэастэр; 6 — нардоа.

т. 10, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)